18.10.2019

Андрэй Горват - аўтар бэстсэлераў «Радзіва "Прудок"» і «Прэм’ера». Яго біяграфія падобна на кінасюжэт, аднак гэта рэальная гісторыя і ўжо легенда Купалаўскага тэатра. Некалі на працу дворніка ў тэатр уладкаваўся журналіст-фрылансер Андрусь. Цягам працоўных будняў ён назіраў за тэатральнай дзейнасцю, натхняўся творчасцю і аднойчы вырашыў кардынальна змяніць жыццё. Андрусь з’ехаў у вёску Прудок на Палессі аднаўляць хату свайго дзеда. Жыццё ў палескай вёсцы вельмі адрознівалася ад мінскага, і былы дворнік пачаў назіраць і занатоўваць усё на сваёй старонцы ў Facebook. Пазней допісы ператварыліся ў кнігу «Радзіва Прудок» - першую тысячу асобнікаў чытачы раскупілі за 2 дні. А потым Купалаўскі тэатр паставіў спектакль, на які зараз амаль немагчыма трапіць – заўсёды аншлаг. Праз паўгады Горват напісаў новую кнігу «Прэм’ера» – пра тое, як Купалаўскі паставіў спектакль па яго творы…

У праграме «Беларусы» пісьменнік распавядзе як жыў да народнай славы, чым яму падабалася праца дворніка і як ён адносіцца да гарадскога жыцця. А яшчэ ён зноў папрацуе дворнікам і правядзе аўтарскую экскурсію па закуліссі. Потым мы завітаем ў госці да пісьменніка ў Прудок, разам пабываем ў культурніцкай прасторы “Даліна Анёлаў” і наведаем Нароўлю, дзе Андрэй распавёў гісторыю маёнтка Горватаў.

Пра жыццё Горвата з першых вуснаў - усё тое што вы жадалі, але баяліся запытаць. Праект “Беларусы” глядзіце на нашым канале.


Поделиться:

Вверх