У Беларусі аб"яўлены чарговы аранжавы ўзровень небяспекі. Згодна з прагнозамі сіноптыкаў, практычна паўсюдна пройдуць кароткачасовыя дажджы, магчымы град і шквалісты вецер. І гэта на фоне спякоты. У асобных раёнах слупкі тэрмометраў паднімуцца да плюс 34-х. За мінулыя суткі непагадзь абясточыла каля 300 населеных пунктаў. Больш за ўсё пацярпелі Мінская, Гродзенская і Віцебская вобласці. Толькі ў Шаркаўшчынскім раёне вецер сарваў дах з некалькіх фермаў і 20-ці жылых дамоў. Большасць аварый удалося ліквідаваць за ноч. На гэты час без святла застаецца каля трох дзясяткаў маланаселеных пунктаў. Аднаўленчыя работы працягваюцца. Створаны штаб па ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі.