Сёння Прэзідэнт адкрыў радзільны дом у комплексе 5-й сталічнай гарадской клінічнай бальніцы. Вялізны цэнтр узвялі за 4,5 года. Радзільны дом аснашчаны самым сучасным абсталяваннем і лепшымі спецыялістамі. Тут змогуць выходжваць самых складаных немаўлят і забяспечваць здаровую будучыню ім і мамам. Адкрыццё радзільнага дома таксама дазволіла падвесці і прамежкавыя вынікі года ў дэмаграфіі і вынікі дзесяцігоддзя рэформы аховы здароўя. Сёлета Беларусь упершыню выйдзе на нулявы дэмаграфічны баланс, а з улікам міграцыі жыхароў стане на 17 тысяч больш. У 2,5 раза скарацілася дзіцячая смяротнасць. Па гэтым паказчыку Беларусь зраўнавалася з перадавымі краінамі. За год не было ні аднаго выпадку матчынай смяротнасці. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта сапраўдная перамога, і даручыў заахвоціць тых, чыімі заслугамі яна дасягнута.