Прэзідэнт Беларусі ў гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС па традыцыі наведвае пацярпелыя рэгіёны. Сёлета Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з сацыяльна-эканамічным развіццём Ельска і аграгарадка Дабрынь Гомельскай вобласці. Выснова - Беларусь пайшла па правільным шляху, пачаўшы рэабілітацыю пацярпелых раёнаў. І сёння размова ўжо ідзе аб іх развіцці, заявіў Аляксандр Лукашэнка. У невялікім аграгарадку на 800 чалавек адбудаваны малочна-таварны комплекс, ёсць дзіцячы сад, школа, дзейнічаюць магазіны і спартыўны комплекс. Сёння ж размова зайшла наконт тэрмінаў завяршэння пасяўной. Прэзідэнт даручыў скончыць усе работы ў краіне да мая і асабліва дбайна падысці да ўнясення ўгнаенняў.