Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка звярнуўся з Пасланнем да народа і парламента. У ім Кіраўнік дзяржавы агучыў задачы і планы на цяперашні год. Ён павінен стаць пераломным у пераадоленні негатыўных тэндэнцый у эканамічнай сферы. Беларускі лідар звярнуў увагу, што за апошнія 2-3 гады тэмпы развіцця ў эканоміцы запаволіліся. "І хаця асноўную ролю ў гэтым адыгралі знешнія фактары, трэба прызнаць і свае недапрацоўкі", - адзначыў Прэзідэнт. Пагрозам эканамічнай бяспецы неабходна супрацьпаставіць арганізаванасць і ініцыятыву, мабілізацыю ўсіх рэсурсаў і ўменне эфектыўна гаспадарыць, лічыць Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што гэты год стане сур"ёзным іспытам для ўсіх галін улады і кіраўнічых структур.
Па традыцыі насычаным блокам Паслання стала частка, прысвечаная сацыяльнай палітыцы - такія пытанні, як удасканаленне пенсіённай сістэмы, паляпшэнне аховы здароўя і адукацыі. Былі закранутыя і прыярытэты знешняй палітыкі, адносіны з важнымі замежнымі партнёрамі. Пасля выступлення Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні дэпутатаў.