Свет сёння ўспамінае чарнобыльскую трагедыю. Найбуйнейшая ў гісторыі чалавецтва тэхнагенная катастрофа, якая адбылася 30 гадоў таму, змяніла жыцці мільёнаў людзей. У зоне забруджвання апынуліся Беларусь, Украіна і Расія. Самае сур"ёзнае ўздзеянне радыяцыі адчулі на сабе жыхары Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей. Сёння на тэрыторыі Беларусі ў зоне радыеактыўнага забруджвання знаходзяцца дзве тысячы населеных пунктаў, дзе пражывае кожны восьмы жыхар краіны, а гэта больш за мільён чалавек. З 900 тысяч гектараў зямель вярнулі ў сельгасабарот толькі 17 тысяч. На аднаўленне рэгіёнаў пасля чарнобыльскай трагедыі Беларусь патраціла каля 22 мільярдаў долараў.
Пацярпелыя рэгіёны гэтымі днямі наведвае Прэзідэнт. Сёння Аляксандр Лукашэнка адправіцца ў рабочую паездку па Гомельскай вобласці. Яе галоўнымі тэмамі стануць вясенне-палявыя работы, развіццё сацыяльнай інфраструктуры і ахова здароўя. Яшчэ адзін важны пункт у прэзідэнцкім графіку - зносіны з жыхарамі аграгарадка Дабрынь і райцэнтра Ельск.