19.08.2022

Самым напружаным і лёсавызначальным месяцам у нашых продкаў лічыўся жнівень, асабліва – яго другая палова. Трэба было спяшацца, каб сабраць ураджай з палёў і садоў, дажаць жыта і заняцца яравымі. Акрамя таго, шчодра адорвалі сялян лясы і пушчы – там у гэты час паспявала шмат ягад, арэхаў і грыбоў. Беларусы лічылі, што каб сабраны ураджай захаваўся добра і надоўга, трэба як след аддзячыць матухне-прыродзе. Менавіта адтуль пайшлі спасаўскія святкі, якія адзначаюць і ў сучаснай Беларусі. Традыцыйна яны складаюцца з трох частак.

Першая пачынаецца 14 жніўня і дагэтуль лічыцца даволі знакавай. Па-першае, у гэты час святкуюць пачатак Успенскага паста. Па строгасці ён не саступае Вялікаму, але з’яўляецца самым легкім! Доўжыцца усяго 2 тыдні, акрамя таго, ласавацца садавіной і гароднінай ніхто не забараняе! А па-другое, у сярэдзіне жніўня адзначаецца Першы спас. 

Мядовы, Макавей, спас на вадзе – у народнай свядомасці для яго існуе ажно тры назвы! Па традыцыі, 14 жніўня нашыя продкі асвячалі мед, каб яго заўсебы было багата і каб суседскія пчолы не павыцягвалі яго са ўсіх сотаў, ваду у калодзежы, каб яна заўседы была чыстая, і мак – каб такім чынам надзяліць яго магічнымі ўласцівасцямі. Сяляне абсыпалі ім усе навокал – хату, падворак, жывелу. Лічылася, што як нельга сабраць і пералічыць усе зярняткі, так і немагчыма разбурыць ахоўную сілу, якой валодае асвечаны мак.

СПАСАЎКА-ЛАСАЎКА.mxf_snapshot_01.26.387.jpg         СПАСАЎКА-ЛАСАЎКА.mxf_snapshot_02.14.711.jpg

Пачынаючы з Першага Спаса, гаспадары з’яджаліся на кірмашы з усіх навакольных весак і прадавалі усе тое, што выхавалі за лета. Таму другую палову жніўня па-іншаму яшчэ называюць спасаўка-ласаўка.

Другой часткай спасаўскіх святак лічыцца наступны Спас – Яблычны. Разам з ім – 19 жніўня адзначаецца вялікае свята Праабражэння Гасподняга. Традыцыйна ў гэты дзень асвячаюць вінаград, агрэст, грушы і, безумоўна, яблыкі! «Залатыя», «маладзільныя», «райскія» – у народных казках яблыкі з'яўляюцца не толькі сімвалам жыццёвай сілы, але і прыгажосці, мудрасці, шчасця, удачы.

СПАСАЎКА-ЛАСАЎКА.mxf_snapshot_02.11.567.jpg

Завяршаецца спасаўка-ласаўка 29 жніўня, падчас адзначэння трэцяга Спаса. У народзе – хлебнага, арэхавага, ільнянога, або спаса на палатне. У гэты дзень нашы продкі пяклі першы хлеб з новага ўраджаю ў якасці падзякі Госпаду за найвялікшы дар чалавеку на кожны дзень.

СПАСАЎКА-ЛАСАЎКА.mxf_snapshot_02.52.209.jpg

Да канца жніўня сяляне імкнуліся скончыць выбельванне палатна і абавязкова пасвяціць яго вадой. І толькі потым тканіну дазвалялася выкарыстоўваць у гаспадарцы ці прадаваць. Жыта і лён былі асноўнымі ў традыцыйнай культуры беларусаў.

Ураджай трэба было сабраць, апрацаваць і захаваць. Неўзабаве пасля свята пачыналі сеяць азімыя. Таму ўся сям'я малілася пра ўраджай. Гаспадыні праводзілі сваіх гаспадароў у поле з новым хлебам і соллю. Казалі: «Трэці Спас - хлеба прыпас».

Акрамя таго, лічылася, што у перыяд Спасаўкі, павінна прайсці так званая «Рабінавая», ці «Вераб'іная ноч». На працягу яе грымоты сатрасаюць неба, грозна бліскаюць маланкі, лье праліўны дождж, дзьме вецер. Згодна з народнымі павер'ямі, у гэту ноч з пекла на свет выходзяць усе злыя сілы, якія нібы спраўляюць сваё галоўнае гадавое свята і страшаць хрышчоных людзей. Паводле іншых меркаванняў, у гэту ноч усе сілы прыроды ядналіся, каб знішчыць «нячыстую сілу», што пасля Купалля распладзілася за лета і шкодзіла людзям. Забіты ці пакалечаны перуном у «Рабінавую ноч» лічыўся чараўніком. На Палессі гаварылі, што ад такой моцнай буры рабчыкі разляталіся па ўсім лесе і да самага такавання жылі па аднаму. Пераконвалі, што неспакойная ноч патрэбна для выспявання ягад на рабіне. Калі гэта адбывалася, чакалі добрага заканчэння лета і цеплай восені.

Поделиться:
Вверх