08.07.2022

Злосная, гарачая, яркая сутнасць, што кіпіць гневам – такое тлумачэнне мае не што іншае, як таямнічае і найцікавейшае свята усіх славянскіх народаў – Купалле. Назва паходзіць ад старажытнага індаеўрапейскага кораня kup і суадносіцца з паняткамі «купацца», «збірацца ў купу» – разам.

Купалле адзначалі яшчэ ў дахрысціянскія часы. Падчас свята, якое прыпадае на дзень летняга сонцастаяння, нашыя продкі дзякавалі Сонцу, Вадзе і Зямлі за здабыткі новага года. З прыходам хрысціянства ў гэты дзень сталі адзначаць яшчэ адно – нараджэнне святога Іаана Хрысціцеля, якога ў народзе называлі Іванам Купалам.

У штодзеннай прамове жыхароў розных рэгіенаў Беларусі можна пачуць больш за 15 назваў гэтага свята. Вось некаторыя з іх: Ярылін Дзень, Іван Траўнік, Крэс, Свята Сонца і Кахання, Іван Вядзьмацкі. Гэтыя назвы цалкам адлюстроўваюць сутнасць святкавання.

Яно, дарэчы, пачыналася з самага ранку. Свята пачыналася з самага ранку. Нашыя продкі стараліся схадзіць у лазню і абавязкова папарыцца з зелкамі і крапівой-жыгучкай. Лічылася, што гэта захавае ад хвароб на ўвесь год. Акрамя таго, яны займаліся падрыхтоўкай вялікай колькасці кветак і лекавых траваў для рытуалаў і абрадаў.

Увечары моладзь збіралася у прызначаным месцы. Гэта мог быць бераг ракі ці возера і нават гара – любое месца, якое ў народнай свядомасці валодала таямнічай сілай.

КУПАЛЛЕ_final.mxf_snapshot_01.33.817.jpg         КУПАЛЛЕ_final.mxf_snapshot_01.37.573.jpg  

Святкаванне пачыналі з развядзення вогнішча. Для гэтага ўдзельнікі Купалля загадзя зносілі са ўсёй вескі непатрэбныя рэчы. Лічылася, што агонь такім чынам дапаможа аднавіцца, пазбавіцца ад усяго старога. Але найважнейшым кампанентам вогнішча было купальскае кола. Гэта было звычайнае драўлянае кола, якое падымалі на тычцы ўверх. Яно сімвалізавала сонца, што асвятляе змрок.

КУПАЛЛЕ_final.mxf_snapshot_00.04.132.jpg

Цягам свята моладзь вадзіла карагоды, купалася, скакала праз агонь. Існавала добрая прыкмета: калі ў час скокаў праз вогнішча ў закаханай пары рукі не разыйдуцца, то гэтым жа годзе адбудзецца іх вяселле.

Пасля правядзення усіх абрадаў абіралі Купалінку і Купалежа – своеасаблівых каралеву і караля вечара. А затым – пачыналася самая загадкавая і таямнічая частка святкавання.

Дзяўчаты ішлі варажыць на вянках. Пускалі іх па вадзе і вельмі уважліва сачылі за тым, што далей адбывалася: пайшоў на дно – не дачакаецца сёлета дзяўчына вяселля, паплыў далёка і роўна – хутка быць шчасцліваму замужжу.

КУПАЛЛЕ_final.mxf_snapshot_02.46.814.jpg

Хлопцы жа адпраўляліся на пошукі папараць-кветкі. Казалі, што ў самую поўнач, калі кветка павінна раскрыцца, прыходзіць мацнейшая навальніца, зіхаціць бліскавіца, грыміць гром, а нячысцікі, якія захоўваюць кветку, імкнуцца збіць чалавека са шляху. Затое той, хто яе знойдзе, – будзе самым багатым і шчаслівым на зямлі!

Кульмінацыяй святкавання была сустрэча сонца. Нашыя продкі верылі, што, узыходзячы пасля купальскай ночы, сонца быццам бы «грае»: і сінім, і жоўтым, і малінавым колерамі. Гаварылі, што не усім дадзена пабачыць. Як чалавек шчаслівы, той яго пабачыць, а як так, то і не пабачыць.

У сучаснай Беларусі традыцыя святкавання Купалля захавалася. У ноч з шостага на семага ліпеня акунуцца ў неверагодную атмасферу містычнасці можна у шматлікіх мерапрыемствах, якія ладзяць беларускія музеі і аграсядзібы. Акрамя таго, штогод усіх аматарў аўтэнтычнай беларускай культуры на беразе Дняпра вітае маштабны фэст «Александрыя збірае сяброў».

Поделиться:
Вверх