На пасяджэнні абмяркоўваюць абмежаванні ў гандлі зброяй і стварэнне адзінай базы даных авіяпасажыраў.
У Еўропе неабходна спыніць трафік зброі. Пра гэта заявіў міністр унутраных спраў Францыі Бернар Казнёў. Сёння ён прымае ўдзел у экстранным пасяджэнні савета ЕС на ўзроўні міністраў унутраных спраў і юстыцыі. Пасяджэнне было склікана менавіта з ініцыятывы французаў пасля пятнічных тэрактаў у Парыжы.
Міністр назваў трафік зброі базай тэрарыстычнай дзейнасці. Таксама Казнёў спадзяецца дасягнуць рашучага прагрэсу па стварэнні базы даных і абмену інфармацыяй пра авіяпасажыраў.
Паводле звестак агенцтва "Франс-Прэс", сёння ў Бруселі таксама плануецца ўнесці змены ў артыкул шэнгенскага пагаднення. Гэта дазволіць адсочваць патэнцыяльных джыхадыстаў сярод грамадзян ЕС.