12.10.2015
На выбарах Прэзідэнта Беларусі перамог дзеючы Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка набраў, паводле папярэдніх звестак, 83,49% галасоў выбаршчыкаў. Гэтую інфармацыю паведаміла сёння на прэс-канферэнцыі кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына. Выніковае пасяджэнне Цэнтрвыбаркама адбудзецца ў пятніцу, 16 кастрычніка.
З пераканаўчай перамогай на выбарах Аляксандра Лукашэнку павіншаваў Прэзідэнт Расіі. Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што такая перамога сведчыць аб высокім палітычным аўтарытэце і даверы з боку насельніцтва, а таксама аб актыўнай падтрымцы курсу на далейшае сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны.
І сёння адбылася тэлефонная гутарка Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Кіраўнікі дзяржаў абмяняліся меркаваннямі з нагоды маючых адбыцца двухбаковых сустрэч у рамках інтэграцыйных аб"яднанняў.
Ад імя ўрада і кітайскага народа Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку павіншаваў Старшыня КНР Сі Цзіньпін. "Упэўнены, што пад Вашым кіраўніцтвам дзяржаўнае будаўніцтва Беларусі дасягне яшчэ большых поспехаў. Я надаю вялікую ўвагу развіццю кітайска-беларускіх адносін, даражу наладжанымі з Вамі добрымі рабочымі адносінамі і асабістым сяброўствам", - падкрэсліў Сі Цзіньпін.
Пазітыўную ацэнку выбарам далі місіі назіральнікаў ад СНД, КНР і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Агульны вынік: кампанія прайшла легітымна, дэмакратычна і празрыста.
Падзяліцца:

Вверх