06.11.2015
Сёння ў Мінску адбылася цырымонія ўступлення на пасаду зноў абранага Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Упершыню інаўгурацыя прайшла ў Палацы Незалежнасці. Гэта месца знакавае - апошнім часам тут адбылося нямала міжнародных сустрэч і форумаў.
Сёння ў Зале ўрачыстых цырымоній Палаца Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка прынёс прысягу Прэзідэнта Беларусі, паклаўшы руку на Канстытуцыю. Кіраўнік дзяржавы пакляўся верна служыць народу Беларусі, паважаць і абараняць правы і свабоды чалавека, добрасумленна выконваць ускладзеныя высокія абавязацельствы. Пасля старшыня Цэнтрвыбаркама ўручыла зноў абранаму Кіраўніку дзяржавы пасведчанне Прэзідэнта. Акрамя цырымоніі прывядзення да прысягі, галоўная падзея інаўгурацыйных урачыстасцяў - зварот Прэзідэнта да грамадзян краіны. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго перапаўняе пачуццё гонару за згуртаванае грамадства, за мільёны землякоў - грамадзян вольнай Беларусі. За цырымоніяй назіралі больш за тысячу запрошаных - вышэйшыя службовыя асобы, парламентарыі, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, замежныя госці. Інаўгурацыю асвятлялі больш за 100 замежных журналістаў. Святочныя мерапрыемствы прадоўжыліся на плошчы Дзяржаўнага флага Беларусі. Там вайскоўцы прынеслі клятву на вернасць беларускаму народу і Прэзідэнту. Працягам цырымоніі стане святочны канцэрт, які пройдзе ў другой палове дня ў Палацы Рэспублікі. Цырымонія інаўгурацыі ў Беларусі заўсёды завяршае палітычны і эканамічны цыкл, але пры гэтым адкрывае новы. Гэта важны пункт старту новай эпохі ў палітыцы, эканоміцы, грамадскім развіцці і ўмацаванні беларускага суверэнітэту і незалежнасці. Нагадаем, выбары ў Беларусі прайшлі 11 кастрычніка 2015 года. Дзеючы Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка перамог у першым туры - за яго прагаласавалі больш за 83 % выбаршчыкаў. Тэлеверсію інаўгурацыі Прэзідэнта і святочны канцэрт можна ўбачыць у 21:00 у эфіры тэлеканалаў "Беларусь 1" і "Беларусь 24".
Падзяліцца:

Вверх