Прыярытэтамі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016-2020 гады стануць эфектыўныя інвестыцыі, занятасць і экспарт.
Беларусі ў наступнай пяцігодцы неабходна застацца ў трэндзе сусветнай эканомікі, навукі і прагрэсу. Гэта напярэдадні заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2020 года. Абмеркаванне праекта выклікала бурныя дэбаты, але ў прыярытэтах бакі сышліся. Гэта зніжэнне залежнасці ад знешніх фактараў, дыверсіфікацыя экспарту, прыцягненне інвестыцый і стварэнне рабочых месцаў. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што праграма павінна будавацца на эканамічнай рэальнасці і быць зразумелай не толькі спецыялістам.
Прэзідэнт запатрабаваў, каб дакумент утрымліваў адказы на найбольш важныя пытанні грамадзян па зарплатах, цэнах, будаўніцтве жылля і крэдытах.
Падрыхтоўка праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі - тэма не адной нарады. Прапановы, якія прагучалі, возьмуць за аснову; планы дапрацуюць, і праз 10 дзён адбудзецца новае абмеркаванне. Выніковы варыянт праграмы разгледзяць на V Усебеларускім народным сходзе.