Устаць да балетнага станка разам з зоркамі Вялікага тэатра змогуць прыхільнікі танца. Вялікі тэатр запрашае за кулісы. Роўна апоўдні ён расчыніць дзверы для прыхільнікаў оперы і балета. У фае гасцей будуць сустракаць экскурсаводы, якія правядуць па цэхах, схаваных ад вачэй публікі. Таксама адбудуцца творчыя сустрэчы з галоўным рэжысёрам, дырыжорам, хормайстрам, мастацкім кіраўніком балета, вядучымі салістамі оперы. Расчыніць усе тры тысячы дзвярэй тэатра плануецца за пяць экскурсійных гадзін. Можна будзе ўбачыць, як працуюць грымёры, як бутафоры ствараюць нескладаны рэквізіт і як працуе чалавек, які робіць балеткі.
Дзень адчыненых дзвярэй прымеркаваны да дня нараджэння трупы. Сёння Вялікаму тэатру спаўняецца 83 гады.