Вялікая прэм"ера ў Белдзяржфілармоніі. Трохактавая опера Моцарта, якая яшчэ не гучала ў нашай краіне, - "Ідаменей. Цар Крыта". Канцэрт прысвечаны 260-годдзю са дня нараджэння кампазітара. Сама опера таксама святкуе сёлета юбілей - 235 гадоў. Моцарт напісаў яе менш чым за паўгода па заказе баварскага курфюрста Карла Тэадора. Аўтар лібрэта - Джамбатыста Варэску. На беларускай сцэне опера гучыць у арыгінале. Пераклад для разумення сюжэту - у праграмцы. Выконваюць шэдэўр удзельнікі з розных калектываў.