«Паўночнае ззянне 2019»: праграма фестываля кіно Паўночных i Балтыйскіх краiн
29.04.2019

Дэталёвую праграму 5-га фестываля кіно Паўночных i Балтыйскіх краiн «Паўночнае ззянне», які пройдзе ў Мінску з 10 па 17 мая ў кінатэатры “МІР”, можна убачыць на афицыйным сайце northernlightsff.com.

Уся праграма спецыяльна да 5-годдзя падабраная такім чынам, што адпавядае сёлетняй канцэпцыі “Усё магчыма”. Акрамя гэтага, значную частку праграмы складаюць дакументальныя фільмы, і таксама роўна палова фільмаў асноўнай праграмы знятая жанчынамі.

Усе фільмы праграмы “Паўночнага ззяння” – беларускія прэм’еры. Але сусветныя прэм’еры гэтых фільмаў адбыліся на розных буйных кінафестывалях па ўсім свеце.

Упершыню да свайго дня народзінаў, які мы запрашаем вас адзначаць з намі, 12 і 16 мая ў Мінскім Планетарыі адбудуцца паказы сферычнага кіно пра сапраўднае Паўночнае ззянне. Літоўская і нарвежская анімацыя з беларускай агучкай у межах новай дзіцячай праграмы “Ззя-kids” – стане добрым сюрпрызам для дзіцячага і сямейнага прагляду, а таксама прыкметай росту кінафестывалю. У праграме “Паўночнага ззяння” вялікая ўвага надаецца важным і актуальным тэмам для сусветнай і беларускай грамадскасці.

 Таксама ў межах індустрыйнай платформы “Паўночнага ззяння”:

●       майстар клас ад добрага сябра фестывалю і трохразовага намінанта на Оскар эстонскага кінапрадзюсара Іва Фэльта пра тое, як арганізаваць Оскараўскую кампанію і колькі гэта каштуе;

●       воркшоп ад рэжысёркі Сесіліі Б’ёрк і прадзюсара Максіміліяна ван Аертрука з Швецыі пра тое, як працуе самая прагрэсіўная кінакампанія ў краіне (Гётэборг), сузаснавальнікам якой з’яўляецца рэжысёр Рубэн Эстлунд (“Квадрат”, “Форс-мажор” і інш.), і іх філасофію выкарыстання выяваў у кінематографе;

●       адкрытая лекцыя пра кіно і культуру Грэнландыі, і пра тое, як выглядае кінавытворчасць у такой невялікай краіне ад акторкі фільма “Аноры” Нукакі Костар-Вальдаў. “Аноры” з’яўляецца першай поўнаметражнай стужкай у Грэнландыі, якую зняла і спрадзюсавала жанчына;

●       Скаўцінг дакументальных праектаў ад B2B DOC (Baltic to Black Sea Documnetary Network) сумесна з “Паўночным ззяннем”, куды запрашаюцца ўсе беларускія дакументалісты з праектамі, якія маюць міжнародны патэнцыял і трэйлер з англійскімі субтытрамі. Найлепшыя праекты будуць запрошаныя на праграмы B2B DOC і падтрыманыя ў развіцці і пошуку міжнародных магчымасцяў і партнёраў.

«Усё магчыма!» – мы хочам звярнуць вашую ўвагу на бязмежныя магчымасці чалавека ў гэтым свеце! Мы сцвярджаем, што магчыма рабіць незалежны кінафестываль у Беларусі вось ужо 5 гадоў, магчыма размаўляць адкрыта на складаныя тэмы, знаходзіць рашэнні канфліктаў, весці дыскусію з пазіцыі win-win і паважаць адзін аднаго.

Сёлетняя місія фестывалю — натхніць беларусаў рухацца наперад, усміхацца і прыслухоўвацца да сябе.

Арганізатар: Офіс Савета Міністраў Паўночных краін у Літве.

Суарганізатары: Пасольства Наврегіі ў Кіеве, Дацкі Інстытут культуры ў Літве, Латвіі і Эстоніі, тэлеканал «Настоящее время», УП Кінавідэапракат Мінгарвыканкама - «КиноМинска», кампанія Volia Films.

Тэлеканал «Беларусь 24» выступае инфармацыйным партнерам 5-га фестывалю кіно Паўночных і Балтыйскіх краін “Паўночнае ззянне”.

Поделиться:

Вверх