01.02.2017

Беларусь вядомая сваёй некранутай прыродай, чысцінёй азёраў і рэк і, канешне ж, шматлікімі славутасцямі. Але адна з іх заслугоўвае асаблівай увагі… Нацыянальную беларускую кухню можна смела назваць адной з самых унікальных славутасцей нашай краіны. Беларусь не дарма лічыцца меккай гастранамічнага турызму. Нацыянальная кухня развівалася стагоддзямі. Кулінарныя традыцыі беларусаў – гэта простасць народных рэцэптаў і вытанчанасць шляхецкіх страў. Старажытныя рэцэпты беларускай кухні захаваліся да нашых дзён і карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў турыстаў.

белорусская кухня
Беларуская кухня – адна з самых разнастайных на кантыненце. Канешне, яны у нечым падобная да рускай, літоўскай, украінскай, нагадвае польскую ці габрэйскую, але тым не менш па-свойму ўнікальная. Напрыклад, беларуская кухня адрозніваецца дастаткова складанай і доўгай апрацоўкай прадуктаў. Тушэнне, тамленне, запяканне, варка, бланшыраванне, смажэнне – і ўсё гэта ў адным рэцэпце. У беларускай кухні ёсць свой нацыянальны каларыт і свая чароўнасць. Духмяная свініна, тушаная ў збанках са смятанай і грыбамі, залацістыя дранікі, юшка са шчупака, бульбяныя клёцкі са шкваркамі – усё гэта беларуская нацыянальная кухня!

белорусская кухня

Агульнапрынята і шырока вядома, што бульба – самая галоўная на стале беларуса. Не дарма ва ўсім свеце нас называюць бульбашамі. Смажаная і адвараная, тушаная і ў выглядзе пюрэ, каралева стала бульба выступае як гарнір і як асноўная страва. Нават калі вы не вялікі аматар гэтай гародніны, вы не зможаце ўтрымацца перад беларускімі дзерунамі ці клёцкамі – настолькі яны духмяныя і апетытныя!
А яшчэ асаблівае месца ў нашай кухні займае свініна. У вёсках да гэтага часу захавалася традыцыя: на пачатку зімы калоць свінню і рабіць каўбасы, засольваць сала і вырабляць паляндвіцу – падсушанае салёнае мяса.
Гонар нацыянальнай кухні – беларускі хлеб. Ён выпякаецца з жытняй мукі часцей за ўсё без дражджэй, на асаблівай заквасцы. Наш хлеб атрымліваецца цяжкім, з прыемнай “кіслінкай” у смаку. У спрадвечна беларускіх рэцэптах выкарыстоўваліся прыправы і дабаўкі: кмін, карыяндр, укроп, семкі. І згодна з традыцыяй хлеб выпякалі на “падушцы” з лістоў бярозы, клёна, дуба…

хлеб
Не трэба забывацца і пра арыстакратычную кухню. Магнаты і шляхта вылучаліся асаблівай вынаходлівасцю і вытанчаным кулінарным густам. Іх стравы адрозніваліся выкшталцонасцю, разнастайнасцю экзатычных прадуктаў і спецый і наймаверна складанай рэцэптурай. Вось толькі некаторыя прысмакі з княжацкага стала: ласіныя губы ў падсалоджаным воцаце, фаршыраваныя вугры, юшка з пеўня… Вось ужо дакладна – пальчыкі абліжаш!
Канешне, у сучасных кавярнях і рэстаранах вам наўрад ці прыгатуюць самыя незвычайныя магнацкія стравы, затое наліюць напой, які пілі і шляхцічы, і просты люд – знакамітая крамбамбуля. Гэта моцны алкаголь, настоены на вострых прыправах. Ну і канешне, выдатным напоем стане крупнік (сумесь настою гаючых траў, спірту і мёду). Для тых, хто не ўжывае алкаголь, раім беларускі квас з натуральнага бярозавага соку і вельмі смачныя кісялі... Расказваць пра беларускую кухню можна бясконца, але лепш адзін раз паспрабаваць! Прыязджайце за нацыянальнымі прысмакамі і смачна вам есці!
Дарэчы, на тэлеканале “Беларусь 24” выходзіла кулінарна-гістарычнае шоў “Беларуская кухня”. На нашым сайце захоўваецца відэаархіў праграмы. У гэтым праекце тэлегледачы даведваюцца беларускія рэцэпты нацыянальных страў і вучацца іх гатаваць на сучаснай кухні.

Падзяліцца:
Вверх